ІНФЕКЦЫ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ ЖЫВЁЛ,
хваробы, якія выклікаюцца мікраарганізмамі і вірусамі. эвалюцыйна прыстасаванымі да паразітавання ў арганізме жывёлы. Характарызуюцца наяўнасцю спецыфічнага ўзбуджальніка, цыклічнасцю развіцця, здольнасцю перадавацца ад захварэлай жывёлы здаровай і пры адпаведных умовах выклікаць эпізаотыі і панзаотыі. Наносяць эканам. страты сельскай гаспадарцы. Узбуджальнікі І.х.ж. пранікаюць у арганізм праз органы дыхання, стрававальны тракт, слізістыя абалонкі, скуру і інш. Хваробы падзяляюць на агульныя для некалькіх відаў жывёл (сібірская язва, туберкулёз, яшчур і інш.) і ўласцівыя асобным відам (напр., брадзот авечак, інфекцыйная анемія коней, лейкоз птушак, мыт коней, чума свіней і інш.). Некаторыя І.х.ж. перадаюцца чалавеку (бруцэлёз, сап, сібірская язва, туберкулёз і інш.). Пры падазрэнні на інфекц. хваробу жывёл ізалююць і аказваюць лячэбную дапамогу.
т. 7, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)